ТЫ́ПЫ НЕРВО́ВАЙ СІСТЭ́МЫ, тыпы вышэйшай нервовай дзейнасці,

комплекс асн. прыроджаных і набытых індывід. уласцівасцей нервовай сістэмы чалавека і жывёл, што вызначае адрозненні ў паводзінах і адносінах да адных і тых жа ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Уведзены І.​П.​Паўлавым (1927). У аснове класіфікацыі — уяўленне пра сілу, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння. Існуе 4 гал. Т.н.с. Моцны неўраўнаважаны тып (адпавядае тэмпераменту халерыка) характарызуецца хуткай выпрацоўкай станоўчых (узбуджальных) умоўных рэфлексаў (УР) і слабай тармазных; у жывёл такога тыпу вегетатыўныя функцыі аднаўляюцца працягла і няроўна. Для моцнага ўраўнаважанага інертнага тыпу (флегматык) характэрна павольнае ўтварэнне станоўчых і тармазных УР; у жывёл рэакцыі прыстасавальнасці і ўзнаўлення вегетатыўных працэсаў адбываюцца павольна. У моцнага ўраўнаважанага рухальнага тыпу (сангвінік) станоўчыя і тармазныя УР утвараюцца хутка і лёгка трансфармуюцца пры змене раздражняльніка; жывёлам уласціва лёгкая прыстасавальнасць вегетатыўных функцый да змен навакольнага асяроддзя. Слабы тып (меланхолік) характарызуецца слабымі ўзбуджальнымі і тармазнымі працэсамі, УР выпрацоўваюцца з цяжкасцю, а тыя, што ўтварыліся, лёгка тармозяцца; у жывёл вегетатыўныя працэсы вялыя, лёгка парушаюцца, цяжка і няпоўна аднаўляюцца. У чалавека вылучаюць спец. тыпы, якія характарызуюцца ўзаемадзеяннем 1-й сігнальнай сістэмы, што адлюстроўвае рэчаіснасць у форме адчуванняў і ўспрыманняў, і другой сігнальнай сістэмы: тып мысліцельны з перавагай 2-й сігнальнай сістэмы; тып мастацкі з перавагай першай; тып сярэдні, калі абедзве сігнальныя сістэмы прадстаўлены ў роўных суадносінах. Неўрозы і псіхасаматычныя захворванні ўзнікаюць пераважна ў прадстаўнікоў моцнага неўраўнаважанага і слабага Т.н.с.

Літ.:

Русалов В.М. Биологические основы индивидуально-психологических различий. М., 1979.

С.​С.​Ермакоеа.

т. 16, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)